Падчас крызісу ў краіне не хапае трактарыстаў, банкіраў, ахоўнікаў у калоніі

Цэнтры занятасці, як і да крызісу, прапануюць беспрацоўным уладкоўвацца будаўнікамі і жывёлаводамі, а банкі праз свае сайты шукаюць супрацоўнікаў на пасады кіраўнікоў і эканамістаў. На “Валадарку” ж патрэбныя ахоўнікі. Крызіс прымушае прадпрыемствы скарачаць працоўны тыдзень і памяншаць заробкі. Працоўныя скардзяцца, што ім пагражаюць звальненнем за самае дробнае парушэнне. Між тым, на біржах працы сітуацыя мала чым адрозніваецца ад дакрызіснай.
Як стала вядома Еўрарадыё, колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у гарадах амаль не павялічылася, а колькасць вакансій у Цэнтрах занятасці амаль не зменшылася. Асабліва на тыя спецыяльнасці, на якія і раней людзі не надта ахвотна ўладкоўваліся. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення занятасці пры Мінгарвыканкаме Чэслаў Роўба.

Чэслаў Роўба: “Паводле дадзеных на 13 лютага, колькасць вакансій у горадзе скарацілася ў адносінах да пачатку года на 5%, і зараз лічба гэтая 15600. Вакансій крыху менш, але па-ранейшаму попыт і на будаўнічыя спецыяльнасці, і ў сферы абслугоўвання. Сёння я быў на прадпрыемстве Горрамаўтадор і глядзеў інфармацыю па вакансіях. 34 вакансіі, 3 вакансіі інжынерна-тэхнічных супрацоўнікаў. Муляроў гораду патрабуецца 414. Ці ёсць муляры сёння на рынку працы? Вострадэфіцытная спецыяльнасць. Кіроўцы і, што дзіўна, трактарысты патрэбныя гораду – 140 вакансій. Муляры – больш за 200 вакансій. І гэтай далей”.

Згодна са словамі начальніка ўпраўлення занятасці, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у Мінску з пачатку года вырасла на 15,3%. Але ў параўнанні з колькасцю вольных вакансій лічба ўсё адно падаецца нязначнай – 4400. А сярэдні заробак па прапанаваным прафесіям – 1 мільён 100 тысяч.

Іншая справа ў рэгіёнах. Там таксама, у асноўным, патрабуюцца людзі на працоўныя прафесіі, але заробкі значна меншыя. У Маладзечне, да прыкладу, на самыя запатрабаваныя прафесіі – швачка, прадавец, кухонны рабочы – прапануюць заробак каля 400 тысяч. Праўда, там, кажа начальнік Маладзечанскага цэнтра занятасці Віктар Невяровіч, больш беспрацоўных, чым вакансій: на 594 чалавекі – каля 400 вакансій. Але хапацца за любую працу людзі нават ва ўмовах крызісу не спяшаюцца.

Віктар Невяровіч: “Як было ў нас на пачатак года каля 400 вакансій, з іх каля 350 працоўных спецыяльнасцяў, так іх колькасць і не павялічылася, і не зменшылася. І няма такога, каб прыбягалі і казалі: “Мы пойдзем і туды”.

У Маладзечне, кажа ён, колькасць беспрацоўных з пачатку года павялічылася на 23 чалавекі. Але ці гэтыя людзі толькі зараз страцілі працу, ці не мелі яе даўно, а толькі зараз вырашылі зарэгістравацца – у Цэнтры занятасці не ведаюць.

Начальнік аддзела занятасці Мядзельскага райвыканкама Ганна Ільясевіч пахвалілася, што летась яны працаўладкавалі 500 чалавек. Зараз ва ўсім Мядзельскім раёне 84 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. А вакансій – 173. Праўда, у асноўным, у сельскай гаспадарцы і з невялікім заробкам.

Ганна Ільясевіч: “У асноўным прадстаўленыя працоўныя прафесіі, будаўнічыя, у жывёлагадоўлі – аператары машыннага даення, жывёлаводы. Заробкі, да прыкладу, у аператараў машыннага даення залежаць ад выпрацоўкі, але не менш за 400-500 тысяч”.

Як бачна, з прыходам крызісу ні колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, ні вакансій на рынку працы асабліва не змяніліся. Але па-ранейшаму цэнтры занятасці ў пераважнай большасці шукаюць людзей на працоўныя спецыяльнасці. Між тым, Еўрарадыё з цікаўнасцю праглядзела раздзел “Вакансіі” на сайтах беларускіх банкаў. Апынулася, што ў банках катастрафічна не хапае супрацоўнікаў. Прычым ва ўсіх. І нават на пасады вышэйшага кіраўніцтва.

Так, “Беларусбанку” патрэбныя супрацоўнікі пачынаючы ад галоўнага аўдытара і намесніка дэпартамента крэдытавання да ідэолага. “Белгазпрамбанку” патрэбныя спецыялісты ў аддзел кіравання рызыкамі. “Белаграпрамбанку” – эканаміст па працы з фінансавымі інстытутамі Заходняй Еўропы. “Прыорбанку” – эканаміст аддзела па працы з праблемнымі крэдытамі. Гэта далёка не поўны спіс як банкаў, так і вакансій.

Начальнік упраўлення занятасці пры Мінгарвыканкаме Чэслаў Роўба кажа, што пра наяўнасць кожнай вакансіі любая арганізацыя павінна паведамляць ім, калі цягам двух тыдняў не знойдзе неабходнага чалавека самастойна. Потым – разглядаць кандыдатуры, якія ім дашле Цэнтр занятасці. Між тым, пералічаныя вакансіі ў спісах ягонай установы не значацца. Больш за тое, на сайце “Белгазпрамбанка” ёсць невялікая спасылачка: “Разглядаюцца толькі тыя анкеты, якія былі ўзятыя з афіцыйнага сайта ААТ “Белгазпрамбанка". Чэслаў Роўба паабяцаў разабрацца з гэтым.

Чэслаў Роўба: “Трэба пацікавіцца гэтымі вакансіямі. Калі яны не прадставілі іх у службу занятасці з нейкай прычыны, то мы будзем з імі працаваць. Заканадаўства прадугледжвае за такія рэчы штрафныя санкцыі – адміністрацыйная адказнасць будзе накладзеная на службы кадраў”.

Набіраюць на працу і ў мінскае СІЗА №1, так званую “Валадарку”. Там патрэбныя ахоўнікі. Заробак – 700 тысяч. Галоўнае патрабаванне да прэтэндэнтаў, каб выслуга гадоў да моманту выхада на пенсію дазволіла гэтую пенсію налічыць. На пенсію ахоўнікі выходзяць у 45 гадоў. Выслуга для УУС – 20 гадоў, змяшаная, для тых, хто прыйшоў у органы з іншых прафесій – 25. У аддзеле кадраў прымаюць заявы ад усіх, без абмежаванняў.