Падлетак з Мікашэвічаў на таксоўцы ездзіў за пакупкамі ў Мінск
За 2 тыдні ён патраціў 49 скрадзеных мільёнаў. 13-гадовы школьнік апрануўся ў фірмовыя рэчы, набыў сябе і сябрам планшэты.
Як паведамляе рэгіянальны партал "Медыя-Палессе", крадзеж адбыўся ў Лунінцы. З заявай аб згубе на рынку барсеткі, у якой знаходзіліся 50 мільёнаў беларускіх рублёў, звярнуўся пінскі прадпрымальнік. У той жа дзень правахоўнікі распачалі крымінальную справу.
Пасля двух тыдняў пошукаў міліцыянты вылічылі злодзея. Ім аказаўся школьнік з Мікашэвічаў. За гэты час ён паспеў патраціць амаль усе грошы — з 50 мільёнаў засталося толькі паўтары. Паколькі хлопцу толькі 13 гадоў, прыцягнуць да крымінальнай адказнасці яго не маглі, аднак бацькам трэба будзе вярнуць скрадзеныя іх сынам грошы.
Адзначым, што адлегласць ад Мікашэвіч да Мінска складае 180 кіламетраў.