Палац спорту прымае назад квіткі на цырымонію ўручэння "Залатога Вуха"

Сёння з 11 гадзін касы Палаца спорту прымаюць назад квіткі, прададзеныя на ўручэнне прэміі "Залатое Вуха". Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў самім Палацы спорту:
Палац спорту: "У 11 гадзін павінен быць чалавек ад арганізатараў і будзе прымаць квіткі ў касе".

Нагадаем, што цырымонія ўручэння музычнай прэміі "Залатое вуха" мелася адбыцца 3 красавіка. Аднак днём раней адміністрацыя мінскага Палаца спорту паведаміла, што замест канцэрту ў палацы адбудзецца вырашальны матч фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі паміж "Юнацтвам" і "Гомелем".

Паводле інфармацыі парталу "Тузін гітоў", такое распараджэнне даў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў — кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея.