Палітолаг: Улады трапілі цугцванг: кожны ход толькі пагаршае пазіцыю
Як пасля выбараў будуць развівацца адносіны Беларусі з Расіяй, навошта Мясніковіч плануе наведаць, і як яго там сустрэнуць? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з расійскімі палітолагамі Аляксеем Кузьміным, Станіславам Бялкоўскім і Уладзімірам Слацінавым.
У першую чаргу, мэта візіту - гэта знаёмства новага прэм'ера з расійскім кіраўніцтвам, лічыць палітолаг Станіслаў Бялкоўскі:
"Яна носіць азнаямленчы характар. Гэта прэзентацыя новага беларускага прэм'ера. І гэта канстатацыя наяўнасці, як пэўнага патэнцыялу ў беларуска-расійскіх адносінах, які нікуды не знік, так і вызначаных ўзаемных прэтэнзій, якія таксама нікуды не зніклі і будуць на працягу часу толькі нарастаць".
Але акрамя таго ёсць тэрміновыя праблемы, якія трэба вырашаць, кажа палітолаг Уладзімір Слацінаў. І перш за ўсё гэта праблема з цаной на нафту, якая з 1 студзеня не паступае ў нашу краіну.
Уладзімір Слацінаў: "Калі верыць крыніцам, дык запасы ў беларускіх НПЗ да канца студзеня. Пытанне трэба тэрмінова вырашаць, таму што ў кантэксце таго, што адбылося пасля выбараў, Беларусь вельмі моцна мае патрэбу ў дадатковых паступленнях валюты. І аднаўленне паўнавартаснага імпарту расійскай нафты ў гэтым сэнсе становіцца крытычна значным".
Таксама нявырашаным застаецца і газавае пытанне. Зразумела, што "Газпрам" настойвае на сваёй цане, а Беларусі патрэбна зніжка.Паколькі заходнія грошы зараз будуць недаступныя для Беларусі, то кожнае паслабленне ў кошце мае вялікае значэнне.
"Без гэтага візіту і без дасягнення дамоўленасцяў амаль на любых умовах, у Беларусі ўзнікаюць вельмі не малыя непрыемнасці. Наколькі я памятаю па студзені, што Мазыр, што Наваполацк аселі па пастаўках нафты катастрафічна", - пацвярджае гэта меркаванне палітолаг Аляксей Кузьмін.
Перад выбарамі Расія паспрабавала аслабіць Лукашэнку, але Еўропа тады выратавала беларускі рэжым, аказаўшы сваю падтрымку. Зараз ЕС з Расіяй памяняюцца ролямі, лічыць Слацінаў.
Слацінаў: "У Еўропы, вядома, назіраецца абсалютны шок. Я б сказаў, што ў еўрапейскіх лідэраў доўгі час было спалучэнне шоку і раздражнення. Некаторыя з іх былі проста ў шаленстве ад таго, што адбылося. Паколькі яны разумеюць, што дапамаглі Лукашэнку ў канфлікце з Расіяй і ўмацавалі яго напярэдадні выбараў".
У той жа час на фоне пагаршэння адносінаў з Захадам стасункі з Расіяй лепш не стануць, упэўнены Станіслаў Бялкоўскі.
Бялкоўскі: "Ясна, што і на асабістым, і на стратэгічным узроўні адносіны добрымі не будуць. Многае будзе залежаць ад таго, ці пойдзе Лукашэнка на саступкі расійскаму буйному капіталу ў пытаннях прыватызацыі. Калі пойдзе, тады гэтае рэзкае пагаршэнне адносінаў з расійскімі лідэрамі, якое здаралася апошнія 5 гадоў, можна будзе неяк нівеліраваць. Калі не, то тыя праблемы, якія мы назіралі апошнія гады, будуць узнікаць зноў і зноў у будучыні".
І наўрад ці новага беларускага прэм'ера сустрэнуць у Маскве з распасцёртымі абдымкамі. Там разумеюць: на фоне пагаршэння стасункаў з Еўропай, Лукашэнку будзе цяжка лавіраваць паміж Усходам і Захадам, як гэта было раней.
Кузьмін: "Я ўвогуле цалкам не ўпэўнены ў тым, што спадару Мясніковічу тут рассцеляць чырвоную дарожку. Беларуская сітуацыя не вельмі добрая, таму што рэжым трапіў у некаторым сэнсе ў цугцванг. Кожны ход пагаршае вашу пазіцыю. Што б вы ні паспрабавалі зрабіць, ўсяк будзе толькі горш".
Фота: telegraf.by