Памежнікі і міліцыянеры расказалі, каго не пусцяць за мяжу

Прадстаўнікі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі і Памежнага камітэта нагадалі, па якіх дакументах могуць выехаць за мяжу непаўналетнія, расказалі, колькі людзей у спісе невыязных і ці можна паскардзіцца на звышпільны адгляд на мяжы. Новы закон “Аб парадку выезду за мяжу грамадзян Беларусі” пачаў дзейнічаць з 30 сакавіка. З гэтага моманту, кажа начальнік аддзела па пашпартнай працы і выездзе за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Дзмітрый Леўчанка, нават непаўналетнія павінны мець пашпарт для выезду за мяжу. І патлумачыў, што неабходна дзецям і іх суправаджальнікам, каб выехаць за межы краіны.

Дзмітрый Леўчанка: “Калі непаўналетні выязджае ў суправаджэнні таты і маці, то зразумела, што ніякіх дазволаў больш не трэба. Калі дзіцё едзе ў суправаджэнні аднаго законнага прадстаўніка, да прыкладу маці, то згоды бацькі на гэта не патрэбна. Гэта ўведзена новым законам. Калі дзіцё выязджае ў суправаджэнні трэцяй асобы, то згода на выезд і таты, і маці абавязковая”.



Калі ж, кажа, дзіцё едзе без бацькоў, а атрымаць згоду ад таты ці маці немагчыма, то дазволам для выезду можа служыць даведка аб тым, што законны прадстаўнік знаходзіцца ў вышуку, што хтосьці з бацькоў памёр альбо знік без вестак. Не патрэбны дазвол адразу двух бацькоў і ў тым выпадку, калі малы едзе за мяжу на лячэнне. Дарэчы, засведчваць дазволы трэба выключна ў натарыуса — дакумент, завераны ў ЖЭСе альбо домакіраўніцтве, лічыцца несапраўдным. Апроч тых, што былі засведчаныя да 30 сакавіка.



Другі важны момант, на які звярнуў увагу супрацоўнік Дэпартамента, гэта так званы спіс невыязных. Калі раней туды ўносілі ўсіх, хто трапіў у поле зроку праваахоўных органаў, аўтаматычна, то цяпер гэтае рашэнне залежыць ад следчага. Затое і катэгорый людзей, якія могуць патрапіць ў гэты спіс, паболела.

Дзмітрый Леўчанка:
“У нас паводле старога закона існавалі катэгорыі невыязных, а з новым законам дадаліся яшчэ дзве катэгорыі. Гэта асобы, у адносінах да якіх устаноўлены прэвентыўны нагляд — рашэнне прымаецца судамі і інфармацыя пра іх уключаецца ў банк дадзеных аб асобах, права на выезд якіх абмежавана, і службовыя альбо юрыдычныя асобы, у дачыненні да якіх распачатая працэдура банкруцтва”.

Згодна з яго словамі, цяпер у спісе невыязных каля 120 тысяч чалавек. Але бліжэйшым часам, кажа Леўчанка, гэты спіс можа скараціцца да 70 тысяч. Праўда, не лібералізацыя стане таму прычынай.

Дзмітрый Леўчанка: “Перастаем змяшчаць у банк дадзеных звесткі пра асуджаных, прыгавораных да абмежавання волі, пазбаўлення волі, арышту, пажыццёвага зняволення. Пагадзіцеся, якія сэнс змяшчаць чалавека, які асуджаны да пажыццёвага зняволення, у банк дадзеных невыязных? Тое ж тычыцца асоб, прыгавораных да арышту, — пра які выезд можа ісці гаворка ў адносінах да асоб, якія сядзяць “за плотам”?



У сваю чаргу намеснік начальніка аддзела ўпраўлення памежнага кантролю Памежнага камітэта Сяргей Чатвярткоў нагадаў, што з 1 чэрвеня пашпарты, якія былі ўнесеныя ў базы дадзеных як страчаныя альбо скрадзеныя, але потым нечакана былі знойдзеныя гаспадарамі, проста канфіскуюцца на мяжы. Згодна з яго словамі, як толькі чалавек напісаў заяву аб крадзяжы альбо страце пашпарту — дакумент лічыцца несапраўдным. Нават калі ён знайшоўся — трэба мяняць. І мірыцца з тым, што траціцца, напрыклад, гадавая шматразовая шэнгенская віза.

Сяргей Чатвярткоў
: “З 1 чэрвеня гэтага года органы памежнай службы пачалі забіраць несапраўдныя дакументы ў асоб, якія перасякаюць мяжу. Кажу пра пашпарты, звесткі пра якія ўнесеныя ў банк дадзеных згубленых, скрадзеных альбо аб’яўленых несапраўднымі. За гэты час мы забралі больш за 80 такіх дакументаў”.





У выпадках, калі ваш пашпарт выдадзены пазней за 2001 год, Дзмітрый Леўчанка параіў не адкладаць справу, а звярнуцца па новы пашпарт. Нагадаем, паводле новых шэнгенскіх правілаў, віза ў пашпарт, старэйшы за 10 гадоў, не ставіцца. Леўчанка ж звярнуў увагу на тэрміны вырабу новага дакумента.

Дзмітрый Леўчанка: “Выплачваецца дзяржпошліна ў памеры 0,5 базавай — гэта 17.500 рублёў. Тэрмін вырабу пашпарта — адзін месяц. Існуе таксама парадак паскоранага афармлення пашпарта — да 15 дзён. Трэба мець пры сабе дзве квітанцыі аб аплаце па 0,5 базавых. Адна — дзяржпошліна, другая 0,5 — аплата паскоранага вырабу пашпарта”.

Сяргей Чатвярткоў заўважае, што летам значна павялічваецца колькасць людзей, якія едуць праз украінскую і польскую межы. Кажа, памежнікі зробяць усё, каб чэргаў на мяжы не было. Еўрарадыё пацікавілася, што можа стаць падставай для ўзмоцненага дагляду чалавека і ці можа такі “дагледжаны” прад’явіць прэтэнзіі.



Сяргей Чатвярткоў:
“Прэтэнзіі можна прад’явіць да любой службовай асобы, карыстаючыся правам на свабоды зваротаў. Запатрабаваць прычыны і падставы для агляду. Але хачу заўважыць, што заканадаўства дае органам кантролю падчас пропуску асобаў праз дзяржаўную мяжу права ажыццяўлення кантролю асоб, якія перасякаюць мяжу, з правядзеннем адпаведных мерапрыемстваў. Формы і віды кантролю вызначаныя заканадаўствам: гэта можа быць апытанне, агляд, агляд транспартнага сродку. Як самастойна памежнікамі, гэтак і разам з мытнікамі”.

А падставай для ўзмоцненага агляду, кажа, можа стаць інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях грамадзяніна. Адкуль могуць прыйсці такія звесткі, Чатвярткоў не ўдакладніў.

Фота: Змітра Лукашука