Партыя БНФ можа зняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў

Партыя БНФ пакідае за сабой права зняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты ў выпадку неўключэння сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Аб гэтым заявіў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч на паседжанні сойма. Паводле яго слоў, на асобных партыйных прэтэндэнтаў ужо цяпер аказваецца ціск.
БелаПАН адзначае, што выбарчымі камісіямі было зарэгістравана 78 ініцыятыўных групаў прадстаўнікоў Партыі БНФ. Яшчэ частка прэтэндэнтаў будзе вылучацца непасрэдна партыйнымі структурамі.

Сойм таксама вырашыў, што са сваім кандыдатам на будучых прэзідэнцкіх выбарах Партыя БНФ вызначыцца ў траўні на партыйным з'ездзе.