Пасля вакацый завод БАТЭ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень

Барысаўскі завод БАТЭ, які напрыканцы года пайшоў на вакацыі, аднавіў працу 12 студзеня. Аднак толькі на тры дні на тыдзень. Пра гэта паведамляе сайт “Барысаў электронны”.
Па словах супрацоўнікаў прадпрыемства, пакуль прадукцыя ідзе на склад, таму што аўтазборачныя прадпрыемствы ў Расіі, куды пастаўляецца вялікая доля прадукцыі БАТЭ, яшчэ прастойваюць. На самім заводзе Еўрарадыё пацвердзілі гэтую інфармацыю.

БАТЭ: “Так. У нас сапраўды ёсць трохдзённы графік. Але па неабходнасці службы працуюць і ў чацвер, і ў пятніцу”.

Нагадаем, перад Новым годам завод пайшоў у адпачынак. Аднак на самім БАТЭ заяўлялі, што “афіцыйна завод не на вакацыях”.

Па інфармацыі “Барысава электроннага”, усе працаўнікі вытворчых цэхаў, напісалі заявы на неаплатны адпачынак. У той жа час працаваць заставаліся супрацоўнікі эканамічных і некаторых іншых аддзелаў.