Пасольства Расіі высвятляе прычыны затрымання Аляксандра Лашманкіна
Аляксандр Лашманкін мінулай ноччу ў Оршы быў высаджаны з цягніка Чалябінск — Брэст і затрыманы беларускай міліцыяй.
Пасольства Расіі высвятляе прычыны затрымання ў Оршы галоўнага рэдактара расійскага інфармацыйнага агенцтва Свобода Аляксандра Лашманкіна. Пра гэта БелаПАН паведаміў дарадца пасольства Вадзім Гусеў.
"Мы ў аператыўным парадку звязваліся з беларускім бокам. Пакуль чакаем адказу. Паводле нашай інфармацыі, Лашманкін зараз знаходзіцца ў Оршы", — сказаў ён.
Паводле інфармацыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, раней Лашманкін падаў дакументы на акрэдытацыю. "Яны былі разгледжаныя станоўча, але ён акрэдытацыю яшчэ не забраў", — сказаў Савіных. Паводле яго слоў, МЗС таксама "ўдакладняе дэталі таго, што здарылася".