Пінская яўрэйская грамада ўшанавала памяць польскіх і беларускіх яўрэяў

Удзельнікі дэлегацыі з Пінску ўшанавалі памяць ахвяраў Халакосту ў Бела–Падлясцы. Падчас Другой Сусветнай вайны немцы забілі больш за 12 тысяч яўрэяў з Белай-Падляскі, Аўгустова, Сувалак. Госці з Пінску ўсклалі кветкі помніку ахвярам трагедыі. Побач былі раскіданы каменьчыкі з Ізраілю, як сімвал духоўнай сувязі з радзімай. Старшыня пінскай яўрэйскай грамады Іосіф Ліберман распавёў: "Трагедыя пад назвай Халакост — трагедыя не толькі яўрэйскага, беларускага і польскага народаў, але трагедыя народаў усёй зямлі, якія ўдзельнічалі ў гэтай вайне. І мы робім усё магчымае, каб людзі помнілі пра гэта, каб гэта ніколі не паўтарылася".

Мастак Вячаслаў Дар’ін распавёў: "У 1973 годзе мы з братам паехалі ў Вільню на вакацыі. І там за Вільняй, ля чыгункі, па якой немцы вазілі яўрэяў на смерць, ёсць шмат вялікіх ямаў. І ў тых ямах закапана шмат яўрэяў. Іх проста выводзілі з вагонаў і стралялі. У адной яме 2 тысячы людзей ляжыць, у другой 5-6 тысячаў. Я тады першы раз усведаміў, што гэта за трагедыя. Я быў так уражаны, што калі мы пайшлі на экскурсіі па мастацкіх галерэях, я не мог глядзець на творы вялікіх мастакоў".  

Візіт адбыўся з нагоды арганізацыі выставы  “Трагедыя Халакосту” ў мастацкай галерэі Бела-Падляскі.