Пломбы з Усяславам Чарадзеем і Глебам Менскім ацэньваюць у Эрмітажы (фота)

Падчас раскопак каля Кафедральнага сабора гісторыкі знайшлі пломбы, упрыгожваннні, зброю 12-га стагоддзя і рэшткі будынка 17-га стагоддзя з гербамі Сапегаў У цэнтры Мінску каля касцёла бернардынцаў археолагі адшукалі 14 свінцова-алавянных пломбаў. Навукоўцы інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі кажуць, што раней яны выкарыстоўваліся як акцызы на таварах. Пломбы захаваліся на дзіва добра. Паводле словаў кіраўніка раскопак Юрыя Каласоўскага, на адной з іх князі Усяслаў Чарадзей і яго сын Глеб Менскі.

Каласоўскі: Адзін з іх барадаты, а другі – безбароды. Да таго ж, яны падобныя на іканапісныя выявы.

Гэтая гіпотэза навукоўцаў зараз правяраецца ў Санкт-Пецярбургу, куды былі
адпраўленыя здымкі пломбы.

Мяркуецца, што пломбы гэтыя датуюцца 12-ым стагоддзем, бо сярод іншых рэчаў — наканечнікаў стрэл, баявых нажоў, візантыйскіх крыжыкаў — былі знойдзеныя ўпрыгожванні радзімічаў (аднаго са старажытных беларускіх плямёнаў). Магчыма, некалі тут знаходзіўся гандлёвы склад.

Каласоўскі: Магчыма, ён служыў мытным пастом, бо зусім побач знаходзіцца Свіслач.

Гэтыя рэшткі археолагі знайшлі на глыбіні 3-3,5 метраў. А метрам вышэй навукоўцам патрапіўся багаты на знаходкі пласт 17-га стагоддзя. Нібыта знайшлася сядзіба, якую некалі менскі стараста перадаў бернардынцам, – з яе і пачаўся касцёл.

Каласоўскі: Незвычайна багатыя матэрыялы, брукаванка пліткай, пакладзенай на пласт гідраізаляцыі, вялікая колькасць кафлі – у тым ліку з гербамі Сапегаў.

Некаторыя рэшткі належаць нават напалеонаўскаму войску.

Каласоўскі: Кулі, гузікі і фрагмент кукарды.

Еўрарадыё здабыла здымкі раскапаных пломбаў і прапануе параўнаць выявы беларускіх князёў з тымі малюнкамі і адбіткамі, з якімі мы сустракаліся раней.

Усяслаў Чарадзей



Глеб Менскі