Польская пракуратура закрыла справу аб бойцы беларускіх футбалістаў

Польская пракуратура закрыла справу аб бойцы, у якой паўдзельнічалі футбалісты юніёрскай зборнай Беларусі.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў пракурор Ілавы Ян Віжбіцкі. У выніку допытаў сведак і удзельнікаў бойкі, а таксама па выніках медыцынскага агляду пабітых было ўсталявана, што ніводзін удзельнік бойкі не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў, а грамадская шкода парушэння мае нязначны характар.

Ян Віжбіцкі: “Польскі крымінальны кодэкс у сітуацыях, калі няма сур’ёзнай пагрозы, а пашкоджанні цела парушаюць нармальнае функцыянаванне чалавека менш як на 7 дзён, кваліфікуе ўчынак як дробнае парушэнне. Гэтая справа павінна быць закрытая з-за адсутнасці публічнага інтарэсу ў працягу яе разгляду”.

Дарэчы, па словах спадара Віжбіцкага, пры допыце удзельнікаў бойкі ўзніклі две супярэчныя версіі — беларуская ды польская.

Ян Віжбіцкі: “Ёсць дзве спрэчныя версіі паміж адным бокам і другім.
Калі размова ідзе аб жыхарах Ілавы, яны кажуць, што збіраліся павітацца, а футбалісты кажуць, што тыя з імі не віталіся, а адзін з іх ударыў футбаліста”.


Нагадаем, што бойка адбылася ўвечары 23 верасня ў польскім горадзе Ілава. Беларуская юніёрская зборная па футболе спынілася там у гатэлі.

Два футбалісты выйшлі у краму і па дарозе пабіліся з двума мясцовымі жыхарамі. Пасля ўдзельнікі бойкі разышліся, але неўзабаве на месца здарэння вярнуліся 11 футбалістаў, і бойка працягнулася.