Пошук пакета з-пад соку: акцыя завяршылася, ніхто так і не выйграў

У Беларусі завяршаецца рэкламная акцыя па пошуку пакета з-пад украінскага соку “Садочок”. Галоўны прыз, 2 мільёны рублёў, так ніхто і не выйграў. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў кампаніі-імпарцёры соку.
“Вы ведаеце, мы ўжо здымаем улёткі. Я думаю, што акцыя падыходзіць да завяршэння”.

Нагадаем, арыгінальную рэкламную акцыю ў Беларусі праводзіў украінскі вытворца сокаў “Сандора”. Жадаючым прапаноўвалася знайсці пакет з-пад апельсінавага нектару “Садочак” з датай разліву 9 лютага 2008 года і серыйным нумарам ад 101000 да 101050. Тым, хто знойдзе, абяцалася прэмія — 2 мільёны рублёў. Такія плакаты з'явіліся ў крамах па ўсёй краіне.

Тым часам прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведамляў, што рэкламная акцыя мае дачыненне да расследавання крымінальнай справы аб выбуху.

Нагадаем, першая выбуховая прылада падчас правядзення канцэрта была знойдзена прыкладна ў 22.30 3 ліпеня. Яна была схавана ў двухлітровым пакеце з-пад соку. Выбуховая прылада, якая спрацавала ў 0.25 4 ліпеня, знаходзілася ў пакеце ёмістасцю адзін літр. Магчыма, па серыйным нумары праваахоўнікі спрабавалі даведацца, у якім горадзе прадаваўся сок.