Прадстаўнікі апазіцыі на паседжанне Еўранэста паедуць з агульнай пазіцыяй
Яно адбудзецца 28-29 траўня ў Брусэлі.
Запрашэнне на трэцюю пленарную сесію Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранэст) атрымалі толькі апазіцыйныя структуры. У прыватнасці, гэта Партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", рух "За Свабоду", кампанія "Гавары праўду!" і аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".
У каментары Еўрарадыё лідар ПБНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што прадстаўнікі апазіцыі выпрацуюць для паездкі агульную пазіцыю.
Янукевіч: "Я думаю, што агульная пазіцыя будзе па стаўленні да дыялогу, тых крокаў, якія, на нашую думку, неабходна каб рабілі насустрач адно адному беларускія ўлады і кіраўніцтва Еўрасаюзу дзеля таго, каб гэты дыялог сапраўды спрыяў большай дэмакратызацыі Беларусі і мадэрнізацыі краіны".
Разам з тым Янукевіч не выключае, што па некаторых пытаннях будуць пэўныя адрозненні. Так, Партыя БНФ, рух "За Свабоду" і кампанія "Гавары праўду!" прапануюць еўраструктурам больш актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі.
Янукевіч адзначыў, што беларускім уладам таксама пастаянна дасылаюць запрашэнне на Еўранэст, але ў якасці назіральнікаў. Паколькі афіцыйны Мінск адмаўляецца ад падобнага статусу, то, верагодна, і гэтым разам чыноўнікі не паедуць на Еўранэст.