Пракуратура Зальцбурга вывучае адпачынак Лукашэнкі ў Альпах у 2002 годзе

Пракуратура аўстрыйскага Зальцбурга вывучае фінансавыя дакументы пра адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Альпах у сакавіку 2002 года. Як паведамляе БелаПАН, аўстрыйскі спартовы журналіст Эрвін Рот правёў расследаванне і перадаў дакументы ў пракуратуру. Цяпер праваахоўнікі хочуць завесці крымінальную справу па падазрэнні ў карупцыі на экс-кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аўстрыі, віцэ-прэзідэнта назіральнай рады сеткі казіно Casinos Austria Лео Вальнэра і цяперашняга кіраўніка НАК, гендырэктара гэтай сеткі казіно Карла Штоса.

Раней аўстрыйскія СМІ паведамілі, што ў сакавіку 2002 года Лукашэнка з сям'ёй і чыноўнікамі адпачываў на горналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Яго запрасіў аўстрыйскі калега Лео Вальнэр. Як вынікае з дакументаў, аплата паслуг праходзіла з сакрэтнага рахунку аўстрыйскага НАК, адкрытага па ініцыятыве Вальнэра ў Raiffeisenbank у 2001 годзе.

У інтэрв'ю аўстрыйскай газеце Die Presse Вальнэр, у прыватнасці, заявіў, што дзейнічаў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі, для пашырэння дзелавых кантактаў паміж дзвюма краінамі. Па яго словах, адпачынак Лукашэнкі аплацілі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Беларуссю аўстрыйскія бізнэсоўцы.

Сярод выдаткаў на агульную суму 200 тыс. еўра — аплата пражывання ў гатэлі, медыцынскія паслугі, аплата горналыжных урокаў для 11 прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, арэнда аўтобуса для 34 чалавек, гульня ў аўстрыйскіх казіно, алкагольныя напоі.