Праваабаронцы: Ва Украіне ўступіў у сілу закон, які абмяжоўвае свабоду слова

Ва Украіне ўступіў у сілу закон аб абароне асабістых дадзеных, які праваабаронцы называюць крокам да абмежавання свабоды слова і свабоды доступу да інфармацыі, паведамляе "Українська правда". Праваабарончыя арганізацыі заклікалі прэзідэнта Віктара Януковіча адтэрмінаваць увядзенне закона ў дзеянне, а Хельсінскі саюз назваў яго "крокам для пабудовы таталітарызму".

Выканаўчы дырэктар Украінскага Хельсінскага саюза па правах чалавека Уладзімір Яворскі лічыць, што гэты закон "звязвае рукі", у першую чаргу, журналістам.

У новым законе, пад "асабістымі дадзенымі" разумеюць любую інфармацыю, якая дазваляе апазнаць асобу, аж да назвы імя і прозвішча.

Пры гэтым журналістам, кажа праваабаронца, дазваляюць збіраць агульнадаступную інфармацыю аб асобе, але не дазваляюць яе распаўсюджваць без пісьмовай згоды гэтай асобы.

Яворскі лічыць, што распаўсюджванне любой інфармацыі аб любой асобе цяпер можна заблакаваць, а таксама пакараць журналіста ці рэдакцыю за разгалошванне асабістых дадзеных.