Праверка па факце смерці Алега Бябеніна працягнутая на месяц

Пракурор Мінскай вобласці Аляксандр Архіпаў працягнуў да 3 лістапада правядзенне праверкі па факце смерці журналіста Алега Бябеніна. Прычына ў тым, што цяпер выкананая толькі частка прызначанай комплекснай экспертызы цела загінулага. Пракурорскія работнікі чакаюць, што неўзабаве да расследавання прычынаў смерці журналіста "Хартыі'97" далучацца эксперты-крыміналісты АБСЕ. Па звестках агенцтва БелаПАН, гэта будуць патолагаанатам і крыміналіст з Нарвегіі і Швецыі. Іх прыезд чакаецца 25—26 кастрычніка.

Нагадаем, цела журналіста было знойдзенае ў яго на лецішчы 3 верасня. Органы пракуратуры правяраюць версію пра забойства і інсцэніроўку самагубства Алега Бябеніна.