Прэм'ер-міністр Ісландыі адмовіўся сыходзіць у адстаўку з-за афшорнага скандалу
Прэм'ер-міністр Ісландыі Сігмюндзюр Давід Гюнлейгсан адмовіўся сыходзіць у адстаўку з-за скандалу, звязанага з публікацыяй матэрыялаў пра панамскія афшоры.
У інтэрв'ю ісландскай тэлевізіі чыноўнік патлумачыў, што ўрад працуе добра і трэба даць кабінету міністру закончыць пачатае. Што думае народ, высветліцца на наступных выбарах, заявіў палітык.
Тым часам апазіцыя настойвае на адстаўцы прэм'ера. У панядзелак, 4 красавіка, на акцыю пратэсту на вуліцах Рэйк'явіка выйшлі больш за восем тысяч чалавек. Апазіцыя ўжо сабрала 23 тысячы подпісаў за адстаўку кіраўніка ўрада, перадаюць замежныя СМІ.
Як паведамлялася раней, 3 красавіка Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ICIJ) разам з Арганізацыяй па інфармаванні аб арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP) апублікаваў матэрыялы пра афшорныя рахункі многіх сусветных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Сярод іншага высветлілася, што прэм'ер Ісландыі ды яго жонка хавалі даходы сваёй фірмы ў панамскім афшоры.