Прэс-сакратар Пуціна: Масква гатовая да перамоваў з Кіевам у Мінску

Прэс-сакратар Пуціна: Масква гатовая да перамоваў з Кіевам у Мінску

Масква гатовая да перамоваў з Кіевам у Мінску. Пра гэта ў пятніцу заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Перад гэтым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў Уладзіміру Пуціну: "Давайце сядаць за стол перамоваў, каб спыніць гібель людзей".

Пяскоў згадаў прапанову Зяленскага абмеркаваць "нейтральны статус Украіны". Паводле яго слоў, Пуцін згодны паслаць у Беларусь "расійскую дэлегацыю на ўзроўні прадстаўнікоў міністэрства абароны, міністэрства замежных спраў і адміністрацыі прэзідэнта" — для перамоваў з украінскай дэлегацыяй.

Раней у Маскве заяўлялі, што перамовы магчымыя толькі пасля таго, як украінскія вайскоўцы складуць зброю. Што змянілася? Магчыма, расійскія войскі нясуць адчувальныя страты, пра якія паведамляе ўкраінскі бок.

Аднак перамовы не падобныя на рэалістычны сцэнар менавіта праз месца сустрэчы. Пасля таго, як Беларусь дазволіла Расіі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, статус міратворцы яна страціла, бадай, назаўсёды.

Тым не менш прэзідэнт Расіі ўжо правёў тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам наконт магчымых перамоваў у Мінску. Аднак украінскі бок з Мінскам не пагадзіўся, прапанаваў Варшаву. Канчатковага адказу Кіеў пакуль не даў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.