Прэс-служба КДБ: Сюжэт БТ пра амерыканскую шпіёнскую сетку праўдзівы

Прэс-служба КДБ пацвердзіла праўдзівасць сюжэта БТ пра раскрыццё ў Беларусі шпіёнскай сеткі ЗША, паказанага 23 сакавіка. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніка цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Валерыя Надтачаева. Яшчэ ўчора той жа самы Надтачаеў казаў, што яму нічога невядома на гэты конт.

Нагадаем, паводле сюжэта БТ, у Мінску дзейнічала "шпіёнская сетка", арганізаваная супрацоўнікам амбасады ЗША. У яе, нібыта, уваходзілі каля 10 грамадзян Беларусі, якія з дапамогай спецыяльнай апаратуры выконвалі заданні свайго "куратара". Усе яны яшчэ 13 сакавіка былі затрыманыя на "канспіратыўнай кватэры", якая знаходзілася ў 500 метрах ад амерыканскай амбасады.

"Тое, што было паказана на Першым канале, адпавядае сапраўднасці", - сказаў Валерый Надтачаеў. Пры гэтым ён не паведаміў, ці затрыманыя "шпіёны" і ці прад'яўленыя ім абвінавачанні.