Прэзентацыя новага кліпа “Ляпісаў” адкладзена з-за творчага рознагалосся

Гурт “Ляпіс Трубецкой” не паспее прэзентаваць свой новы кліп “Маніфест” да канцэрта ў Віцебску, як гэта планавалася ад пачатку. Больш за тое, нават прыблізна невядома, калі ён пабачыць свет. Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё распавёў прадзюсер гурта Яўген Калмыкоў.

“Ёсць у нас тут чыста творчы “затык” адзін. Мы спрачаемся. Я толькі сёння прыехаў з Мінска, учора гэта абмяркоўвалася. Яшчэ гэтая гісторыя не закончылася”.

Яўген Калмыкоў не стаў раскрываць сутнасць спрэчак, а таксама расказваць пра сюжэт кліпа. Паводле слоў прадзюсера, гэта сакрэт. Ён адзначыў толькі, што кліп да выбараў у Беларусі дачыненняў не мае.

“Ён мае дачыненне да ўсіх выбараў на Зямлі, але толькі не да беларускіх. Там няма палітычнага аспекту”.


Як паведамлялася раней, здымкі кліпа "Маніфест", якія адбыліся ў сярэдзіне жніўня пад Мінскам, сталі самымі маштабнымі за ўсю гісторыю гурта "Ляпіс Трубецкой". Для адной са сцэн у калгасе было арэндавана 300 кароў з двума пастухамі і двума сабакамі ў прыдачу, у іншым эпізодзе знялося роўна 50 свінняў, таксама ў здымачным працэсе былі задзейнічаныя сапраўдныя алені, зайцы, бабры і яноты. Усе гэтыя жывёлы згулялі ролю электарату, перад якім выступаў з перадвыбарнымі прамовамі "палітык" Сяргей Міхалок.

Нагадаем, канцэрт у Віцебску, на якім будзе прэзентаваная новая праграма гурта пад назвай "Маніфест", адбудзецца 14 верасня.