Работнікі шклозаводу "Нёман" займаюць чаргу па заробак з 4 гадзінаў раніцы

Паводле калектыўнай дамовы, рабочыя бярозаўскага шклозаводу "Нёман" павінны атрымоўваць заробак да 25 дня кожнага месяца. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства не спяшаецца выконваць нормы заканадаўства. У лістападзе частка рабочых атрымала заробкі 27-га, а іншыя толькі 30-га. Такія збоі графіку прыводзяць да велічэзных чэргаў. Да серады 2 снежня, чэргі па заробкі толькі нязначна зменшыліся. Людзі займаюць чаргу з самай раніцы, яшчэ да адкрыцця банку. А ў першыя дні наогул пачыналі займаць з 4-й гадзіны раніцы.

Такая сітуацыя ў сваю чаргу прыводзіць да рознага кшталту здарэнняў. 28 лістапада ледзь не дайшло да бойкі за месца чарзе, нават давялося выклікаць міліцыю.

А ў панядзелак 30 лістапада,  стоячы ў чарзе, самлеў малады хлопец. Некаторыя пачалі казаць, што ён п'яны, але выявілася, што хлопец адносіцца да групы людзей "з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі", ці прасцей з'яўляецца інвалідам.