Расійская мытня захавае "тры выключэнні" для тавараў з Беларусі

Расія захавае мытны кантроль на мяжы з Беларуссю на некаторыя групы тавараў да 1 студзеня 2011 году, паведамляе БЕЛТА. Адпаведныя заявы зрабіў сёння ў Маскве начальнік аналітычнага ўпраўлення Федэральнай мытнай службы Расіі Ўладзімір Івін. Ён паведаміў, што вызначаныя тры выключэнні са свабоднага перамяшчэння тавараў з Беларусі ў Расію. Першае - гэта тавары, у дачыненні якіх дзейнічаюць антыдэмпінгавыя і кампенсацыйныя меры. Другое - гэта ўвоз транспартных сродкаў фізічнымі асобамі. Расія не супраць таго, каб у Беларусі былі больш нізкія пошліны на аўтамабілі, але толькі калі іх не будуць увозіць для продажу на расійскім рынку.
 
Трэцяе выключэнне тычыцца экспарту тавараў. Як лічыць Уладзімір Івін, яно будзе дзейнічаць да сярэдзіны наступнага году, калі павінны падрыхтаваць дакументы па Адзінай эканамічнай прасторы.