Расійская пракуратура пагражае зачыніць "Левада-цэнтр" як замежнага агента
Як паведамляе сама арганізацыя незалежных сацыёлагаў, Савёлаўская міжраённая пракуратура Масквы інтэрпрэтавала дзейнасць "Левада-цэнтра" як "палітычную".
Акрамя таго, на думку пракуратуры, арганізацыя атрымлівае "фінансаванне з-за мяжы". На гэтай падставе ў адрас фірмы было накіравана папярэджанне "пра недапушчальнасць парушэння федэральнага заканадаўства", перадае РБК.
Дырэктар "Левада-цэнтра" Леў Гудкоў назваў сітуацыю вельмі цяжкой для арганізацыі. Пры гэтым ён адзначыў адвольнае і размытае тлумачэнне паняткаў "палітычная дзейнасць" і "замежнае фінансаванне".
Па словах Гудкова, "Аналітычны цэнтр Юрыя Левады" вымушаюць спыніць сваю дзейнасць у якасці незалежнай даследчай сацыялагічнай арганізацыі, якая вядзе сістэматычныя апытанні грамадскай думкі ў Расіі.
"Левада-цэнтр" існуе на грошы, якія атрымлівае ад сваіх замоўцаў, і не карыстаецца дзяржаўнымі датацыямі. Вялікая частка сродкаў, якія атрымлівае кампанія, — гэта плата замоўцаў за даследаванні, якія рыхтуюць спецыялісты цэнтра. Пры гэтым, кажа кіраўнік арганізацыі, сродкі, атрыманыя ад замежных замоўцаў, складаюць не больш за 1,5-3% ад агульнай сумы.
Фота — izvestia.ru