Расійскі дрэсіроўшчык ледзь правёз праз беларускую мяжу экзатычных жывёл
Набытыя ў Нямеччыне для расійскага цырка жырафа, дзве антылопы, тры зебры і лама не мелі ўсяго адной прышчэпкі.
Да гэтага і дачапіліся беларускія памежнікі на пункце Казловічы. Каля сутак намеснік генеральнага дырэктара Расдзяржцырку Сяргей Несцераў не мог атрымаць дазвол беларускіх ветэрынараў на правоз жывёл.
Фура са звярамі прастаяла на мяжы суткі, заканчвалася ежа для іх, а таксама бензін для ацяплення фуры. Дрэсіроўшчык турбаваўся за жыццё жывёл. Уладзіць інцыдэнт дапамаглі журналісты, дзякуючы якім пайшоў вялікі розгалас — фуру прапусцілі далей. Зрэшты, Несцераў прызнаў, што сам вінаваты ў тым, што не прасачыў у Нямеччыне за правільным афармленнем дакументаў, паведамляе БелаПАН.