Расійскія вучоныя вывучалі сакрэт даўгажыхарства ў беларускай вёсцы

Прафесар навукова-даследчага інстытута антрапалогіі МДУ Алег Паўлоўскі заявіў аб зробленым ім ў вёсцы Верамейкі Чэрыкаўскага раёна адкрыцці.
Нібыта, навукоўцы выявілі, што працягласць жыцця жыхароў гэтай вёскі значна большая, чым у суседзяў. Нягледзячы на тое, што ўмовы жыцця там нічым не адрозніваюцца. Сакрэт доўгажыхарства навукоўцы вывучалі не на Каўказе, а ў беларускай вёсцы.

Каб даведацца, ці сапраўды навукоўцы адкрылі формулу доўгажыхарства, Еўрарадыё дазванілася загадчыцы аддзялення антрапалогіі і экалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору прафесару Лідзіі Цягака, якая брала ўдзел у навуковых экспедыцыях маскоўскага прафесара. І тое, што маскоўскі навуковец падаў вынік іх сумеснай экспедыцыі ў Верамейкі як адкрыццё і адзінкавы выпадак, здзівіла беларускага антраполага.

Лідзія Цягака: “Адкрыццё -- гэта нешта новае, я так разумею. Абсалютна новае. Можа, насамрэч мы ўпершыню адкрылі, што ў Верамейках так. Але тое, што ў Беларусі ёсць доўгажыхары і зоны доўгажыхарства, ведалі даўно. Тыя ж Верамейкі Магілёўскай вобласці, ёсць такія вёскі ў Віцебскай і Брэсцкай абласцях”.

Патлумачыла прафесар Еўрарадыё і тое, чым адрозніваюцца Верамейкі ад суседніх вёсак.

Лідзія Цягака: “Там насамрэч шмат доўгажыхароў. Людзей ва ўзросце 90 гадоў і якія набліжаюцца да гэтага ўзросту. Прычым, людзей вельмі актыўных”.

Вось толькі неабходна зрабіць адно ўдакладненне: даследаванні ў Верамейках навукоўцамі праводзіліся ажно ў 1979 годзе і з таго часу больш не паўтараліся. Звестак, ці змянілася працяглась жыцця вяскоўцаў пасля Чарнобыльскай аварыі, у навукоўцаў няма. Дый казаць пра адарванасць вёскі ад цывілізацыі, па словах Лідзіі Цягакі, вельмі складана.

Лідзія Цягака: “Мы тады ехалі на аўтобусе ў тыя Верамейкі, у нас быў свой аўтобус для экспедыцыйных даследаванняў. Верамейкі былі на той час вялікай вёскай. Там была буйная жывёлагадоўля, там быў нейкі камбінат, і псіхалагічная аўра вельмі добрая”.

Развеяў памылковае меркаванне пра тое, што прычына даўгажыхарства верамейчанаў у адарванасці ад цывілізацыі і сам прафесар МДУ Алег Паўлоўскі. Патрыяльхальнасць, дзякуючы якой у гэтай вёсцы жывуць даўжэй, чым у суседніх, трэба разумець па-іншаму.

Алег Паўлоўскі
: “Самае галоўнае -- гэта захаванне традыцыйнага ладу жыцця і традыцыйнай сям’і. Акрамя таго, традыцыйнага гаспадарчага і культурнага ладу жыцця”.

Блізкая, хоць і крыху адрозная, версія доўгажыхарства людзей у Верамейках ёсць і ў прафесара Лідзіі Цягакі.

Лідзія Цягака: “Гэта можа быць ад псіхалагічных установак, і ад генафонду вёскі. Можа быць, нейкія экалагічныя фактары дзейнічаюць”.

Еўрарадыё дазванілася ў вёску Верамейкі. Там насамрэч не могуць паскардзіцца на малалюднасць і адарванасць ад цывілізацыі. Па словах дырэктара Верамейкаўскай школы Дзмітрыя Хомчанкі, людзі не спяшаюцца адтуль з’язджаць.

Дзмітрый Хомчанка: “У нас свінакомплекс тут, добраўпардакаваны пасёлак, газ падведзены цэнтральны і ацяпленне, і вада. У нашай школе 261 вучань!”

Тое, што ў вёсцы даволі шмат доўгажыхароў у параўнанні з суседнімі вёскамі, дырэктар школы пацвердзіў. Хоць прызнаўся, што да нашага званку ніколі на гэты факт не звяртаў увагі.

Дзмітрый Хомчанка: “І 80 бывае, і 90 бывае. У нас адзін настаўнік-пенсіянер нядаўна памёр, дык яму пад 90 было. А сваім ходам бегаў, на ровары ездзіў. Страўнік захварэў, а так бы яшчэ і да гэтага часу жыў бы. У прынцыпе, каму за 80 тут шмат вельмі людзей жыве”.

Прафесар Лідзія Цягака называла і яшчэ адну вёску, дзе, па яе словах, было шмат доўгажыхароў – Дуброўкі Альшанскага сельсавета Віцебскай вобласці. Туды расійскія і беларускія навукоўцы наведваліся нават раней, чым у Верамейкі, -- у 1974 годзе. Па просьбе Еўрарадыё старшыня сельсавета Аляксандр Апанасёнак прагледзеў рэгістрацыйныя кнігі жыхароў не толькі вёскі Дуброўкі, а і яшчэ некалькіх з падобнымі назвамі. І, на жаль, ні аднаго доўгажыхара ва ўсім сельсавеце сёння не знайшлося.