Афіцыйны Мінск просіць Кіеў перанесці сустрэчу Лукашэнкі і Юшчанкі

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі, якая мусіла адбыцца 27 чэрвеня ў Чарнігаве і пра што паведаміла Еўрарадыё, будзе перанесеная. Афіцыйны Мінск звярнуўся з просьбай да Кіева правесці сустрэчу ў першай палове ліпеня.
Пра гэта паведамляе АФН са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных ведамствах дзвюх краін. Пры гэтым адзначаецца, што прычынай пераносу магла стаць не толькі ўцечка інфармацыі пра месца і час запланаванай сустрэчы Лукашэнкі і Юшчанкі, але і збег абставінаў.

Вядома, што якраз 27 чэрвеня ў Маскве пройдзе пасяджэнне "саюзнага" Савета міністраў, на якім Расію і Беларусь прадставяць прэм'еры Уладзімір Пуцін і Сяргей Сідорскі.

Не выключана, што беларускі бок не захацеў адначасова выпрошваць "саюзныя" цэны на газ і нафту ў Маскве, і ў той жа час у Чарнігаве гаварыць пра энерганезалежнасць і альтэрнатыўныя пастаўкі нафты і газу, адзначае АФН.