Разведзеную 16 гадоў таму сям’ю ссялілі ў аднапакаёвую кватэру

Брэсцкую сям’ю, якая распалася яшчэ 16 гадоў таму, ссялілі ў аднапакаёвую кватэру. Пасля разводу жанчына з сынам атрымалі асобны ад мужа пакой у бараку, дзе яны жылі.
Калі барак пачалі зносіць — улады ўзгадалі пра колішнія сваяцкія адносіны і прапанавалі былым мужу і жонцы, а таксама іх даросламу сыну, перасяліцца ў... аднапакаёвую кватэру. Людзі не пагадзіліся і падалі ў суд. Але брэсцкі суд пакінуў рашэнне ЖРЭУ ў сіле.

Толькі днямі Вярхоўны суд краіны даслаў свой пратэст на гэту справу з фармулёўкай: “З высновамі ў судовых пастановах пагадзіцца нельга. Не ўлічаныя істотныя моманты справы”. Цяпер справу сям’і Шыбайлы будуць разглядаць паўторна новым складам суда.