Рэдакцыі выкінутай з кіёскаў газеты трэба падпісацца на дзяржаўныя выданні

Ліст з просьбай аформіць ведамасную падпіску на 14 дзяржаўных выданняў атрымала рэдакцыя незалежнай газеты "Новы час", якая ўжо некалькі гадоў пазбаўленая магчымасці распаўсюджвацца праз гандлёвую сетку "Саюздруку" і падпіску "Белпошты".
Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, ліст за подпісам намесніцы кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Мінску Веры Богдан накіраваны кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

У ім змешчаная просьба да кіраўнікоў арганізацый, а сярод іншых і арганізацый‑арандатараў не толькі падпісацца на 2009 год, але яшчэ і захаваць адзін асобнік падпісной квітанцыі. Ведамасную падпіску трэба аформіць на 14 дзяржаўных выданняў, найперш на газету "Советская Белоруссия".

Акрамя гэтага, адміністрацыя Першамайскага раёна Мінску прапануе правесці ў працоўных калектывах тлумачальныя размовы на тэму індывідуальнай падпіскі. Пасля копія падпісной квітанцыі павінна быць накіравана ў аддзел ідэалагічнай працы райвыканкама.