Амаль 140 чалавек у Беларусі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне
З іх 80 чалавек адбываюць пакаранне ў жодзінскай турме № 8.
Такія звесткі падае БелаПАН са спасылкай на газету “На страже”. Паводле словаў начальніка атраду па арганізацыі выканання пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення Васіля Занкевіча, у турме ёсць раней судзімыя і несудзімыя, абсалютна непісьменныя, а таксама тыя, хто мае не адзін дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Найстарэйшаму насельніку турмы было 60 гадоў, калі яго перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання ў глубоцкую калонію. Такая магчымасць з’яўляецца ва ўсіх жодзінскіх пажыццёвікаў пасля дзесяці гадоў адбывання ў турмы і пры ўмове адсутнасці сур’ёзных парушэнняў правілаў унутранага распарадку. А яшчэ праз дзесяць гадоў адміністрацыя калоніі мае права хадайнічаць аб замене пажыццёвага зняволення на пэўны тэрмін пазбаўлення волі.
Паводле газеты, вязні “васьмёркі” шмат чытаюць, сочаць за навінамі па тэлебачанні, а таксама вывучаюць замежныя мовы. Праўда, рэжым там усё ж вельмі жорсткі. Напрыклад, за межамі жылога сектара асуджаныя з пазнакай на робе “ПЗ” могуць перасоўвацца толькі сагнутымі напапалам, у кайданках, а кожнага такога вязня суправаджаюць два кантралёры з сабакам.