25 красавіка адбудзецца выніковы суд паміж Мартысевіч і Паплаўскай

Выніковы суд паміж літаглядальніцай Асяй Паплаўскай і літаратаркай Марыйкай Мартысевіч адбудзецца 25 красавіка. На ім будуць прысутнічаць сведкі з боку Паплаўскай. Па яе словах, першае паседжанне прайшло 19 красавіка, але на ім прысутнічала толькі Мартысевіч.

Пры гэтым Марыйка не прызнае сваёй віны і адмаўляецца ад любых каментароў па гэтай справе. А Паплаўская, якая раней заяўляла пра выдраныя валасы і пабітыя каленкі, цяпер сцвярджае, што падчас бойкі з Мартысевіч атрымала сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.

Раней Ася хацела запатрабаваць праз суд, каб Марыйка не набліжалася да яе бліжэй чым на 100 метраў. Але ў Беларусі суддзя папросту не можа вынесці падобны прысуд: такой нормы няма ні ў адным законе. Таму цяпер Паплаўская папросту спадзяецца на аб’ектыўнае рашэнне.

Нагадаем, 9 сакавіка паэтка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч выцягнула за валасы з галерэі “Ў” літаратурную аглядальніцу Асю Паплаўскую. У галерэі ў гэты час праходзіла вечарынка з нагоды заручыны Марыйкі, на якую Асю Паплаўскую не запрашалі. У сваю чаргу, Ася настойвала на сваім праве знаходзіцца ў публічным месцы нават пасля некалькіх прапаноў сыйсці.