Абменнік Нацбанка долары толькі купляе, а беларусы — толькі здаюць
Беларусы зноў чакаюць абвалу рубля, але нясуць валюту ў банкі.
За гадзіну, пакуль Еўрарадыё прастаяла каля абменнікаў на чыгуначным вакзале, большасць людзей ішла ў абменнікі здаваць долары.
Каля абменнікаў на мінскім чыгуначным вакзале чэргаў няма. Туды падыходзяць адзінкамі, рэдка — парамі. Большасць здае запасы валюты, бо патрэбныя грошы. І разам з тым людзі ўпэўненыя, што зараз валюту лепш купляць.
Расіянка чакае ля абменніку брата, які мяняў “расію” на “зайчыкі”, бо прыехаў да яе ў госці. Яна ўпэўненая, што зараз трэба долары купляць.
“Мы стараемся не мяняць валюту, а ўсю зарплату трымаем у доларах і еўра”, — дае ўніверсальную рэкамендацыю жанчына.
Купляюць валюту ў абменніках бо “невядома, што будзе да Новага года” і “для пакупкі бытавой тэхнікі”.
Валюту здаюць гастарбайтары, студэнты ды пенсіянеры.
“Я здаю грошы, — кажа бабулька. — Сын працуе у Расіі, пераслаў. Валюту не купляю — няма за што”.
“Мае бацькі атрымліваюць грошы ў валюце і жывуць за мяжой, таму мне даводзіцца яе здаваць”, — расказвае студэнтка.
Здаецца, за гэтыя месяцы беларусы навучыліся чуйна рэагаваць на паводзіны банкаў і прадказваць наперад, што будзе далей.
“Некаторыя беларускія банкі спынілі выдачу крэдытаў, бо так страхуюцца на будучыню. Значыць, і нам валюту трэба купляць”, — выказвае думку адзін з мінчукоў.
У абменніку Нацыянальнага банку да сёння можна толькі здаць долары. Нацбанк валюту не прадае – самому патрэбная. Затое курс пакупкі тут высокі — раніцай было 8440.Па інфармацыі Беларусбанка, за лета ён купіў праз абменнікі у насельніцтва 57,5 мільёнаў долараў, а прадаў — 50 мільёнаў.
А вось за верасень-лістапад беларусы прынеслі ў абменнікі 191,8 мільёна долараў. Набылі нашмат менш — толькі 75 мільёнаў. Але і гэта ў 1,5 раза больш, чым за лета.