АБСЕ: Працэсы па "справе 19 снежня" паказалі неабходнасць судовай рэформы

10 лістапада даклад на 114 старонках быў апублікаваны ў Варшаве, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу АБСЕ.

Ад сакавіка па ліпень 2011 года эксперты АБСЕ прысутнічалі на 12 судовых працэсах па справе пра масавыя беспарадкі. Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Янез Ленарчыч кажа, што гэты маніторынг выявіў шмат істотных праблем у тым, што датычыць стандартаў справядлівага суда ў Беларусі.

У дакладзе гаворыцца, што некаторыя з гэтых праблем носяць сістэмны характар, а некаторыя характэрныя толькі для судовых працэсаў, якія праходзілі ў сувязі з падзеямі 19 снежня.

Сярод іншага згадваюцца праявы залішне блізкіх адносінаў паміж пракурорамі і суддзямі. Таксама эксперты адзначылі, што бок абвінавачвання карыстаецца шэрагам прававых і працэсуальных паўнамоцтваў, якія ў боку абароны адсутнічаюць ці, прынамсі, прысутнічаюць у іншай форме. Акрамя таго, у экспертаў АБСЕ ўзніклі сур'ёзныя сумневы ў захаванні прэзумпцыі невінаватасці.