Адвакатцы Саннікава абяцалі даць адказ на скаргу цягам 10 дзён
Гэта ўсталяваны законам тэрмін для адказу. Пра гэта Марына Кавалеўская паведаміла ў каментары Еўрарадыё.
Кавалеўская: "У экстраным рэжыме, як мы патрабавалі, пытанне не вырашанае. Скаргі пададзеныя. Але сказана, што скаргі разгледзяць у тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам. На скаргу адвакацкую ў іх ёсць 10 дзён, але тут прынцыповыя тэрміны! Важна было, каб сёння прынялі і сёння аднавілі законнасць. І забяспечылі нашаму падабароннаму юрыдычную дапамогу, на якую ён мае права паводле Канстытуцыі".
Кавалеўская звяртае ўвагу на тое, што адміністрацыя магілёўскай турмы №4 парушае канстытуцыйныя правы Андрэя Саннікава. Яна ўпэўненая, што экс-кандыдат пісаў заяву на юрыдычную дапамогу, у тым ліку і ў час знаходжання ў магілёўскай турме.
Нагадаем, што Саннікава этапавалі з Бабруйскай калоніі. Адміністрацыя магілёўскай турмы №4 не дае адвакатам сустрэцца з палітвязнем, спасылаючыся, што ён знаходзіцца на этапе.