Афрыканец “пакараў” жыхара Баранавіч на паўтары тысячы долараў

Умовы крэдытавання былі выгодныя — на восем год пад тры з паловай адсоткі гадавых. Таму мужчына і вырашыў узяць адразу 25 тысяч долараў. Але жыхара беларускіх Баранавіч не насцярожыла, што грошы прыйдуць аж з Беніна (Заходняя Афрыка). Тым больш, што “інвестар” даслаў не толькі копіі ліцэнзіі і пашпарта, але і фота сваіх дзяцей.

Праўда, потым пачаў прасіць грошай — 240 долараў, каб застрахаваць пазыку, 410 — за перавод грошай у Беларусь на рахунак, 244 — за афармленне папер… Усяго беларус пералічыў афрыканцу паўтары тысячы долараў ЗША, але “крэдыт” так і не атрымаў.

У міліцыі, куды ён звярнуўся, яму паведамілі, што прыцягнуць замежнага махляра да адказнасці немагчыма — ён не здзейсніў злачынства супраць інтарэсаў РБ.