АГП спадзяецца атрымаць памяшканне для з'езду бліжэйшымі днямі
І, найхутчэй, гэта будзе Палац культуры трактарнага завода. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна.
Па яе словах, партыя мяркуе атрымаць адказ цягам бліжэйшых двух-трох дзён:
Красуліна: "Зараз прыйшла адмова ад Беларускага таварыства спажывецкіх таварыстваў. Мы адпраўлялі запыты ў 12 інстанцыяў — прыйшлі адмовы з паловы інстанцыяў. Гэта значыць, ад шасці арганізацыяў, якія маюць патрэбныя залы. Але, па-першае, яшчэ ад шасці мы чакаем адказы. І, па-другое, мы разлічваем на Палац культуры трактарнага завода, які звычайна вылучаюць для такіх мэтаў. Ад яго яшчэ адмовы не было — яны разважаюць над нашым запытам".
АГП накіравала лісты ў Мінгарвыканкам і Мінюст, каб тыя дапамаглі ў пошуку памяшкання для з'езду. І партыя спадзяецца на дапамогу, бо з'езд ўваходзіць у статутную дзейнасць.