АГП заклікае да байкоту выбараў і збіраецца дзейнічаць у міжвыбарны час
Такую рэкамендацыю прыняла Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, АГП прапануе такую стратэгію партыйнаму з'езду і Кааліцыі шасці, у рамках якой дзейнічае партыя.
Лябедзька: "Мы рэкамендуем з'езду партыі, які адбудзецца ў наступным годзе, а таксама дэмакратычнай кааліцыі актыўны байкот выбараў паводле сцэнару Ярмошынай энд компані. Гэта па-першае. Па-другое, мы ў пошуку, які сцэнар прапанаваць свой. Калі мы адмаўляем тое, што праводзіць улада — што ў гэты час "рабіць самім? Гэта застаецца актуальным".
Акрамя таго, Палітрада прыняла прынцыповае рашэнне, што АГП пяройде на іншую стратэгію працы. Цяпер партыя мяркуе актыўна дзейнічаць ня толькі час выбарчых кампаніяў, але і паміж імі.
Па словах Лябедзькі, умовай вяртання партыі ў выбарчы працэс стануць вызваленне палітвязняў і правядзенне выбараў па стандартах АБСЕ. Зрэшты, калі міжпартыйная Кааліцыя шасці большасцю галасоў прыме рашэнне ўдзельнічаць у выбарах, АГП выканае свае абавязанні ў рамках аб'яднання і будзе ўдзельнічаць.
Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны адбыцца ў верасні 2012 года. Пра гэта заявіла кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.