Алег Трусаў: Не толькі беларуская мова, а ўся школа ў заняпадзе
Менавіта так кіраўнік Таварыства беларускай мовы пракаментаваў звесткі пра закрыццё беларускамоўных спецыяльнасцяў у ВНУ.
Нагадаем, што ў Магілёўскім універсітэце спынілі набор на выкладчыкаў беларускай мовы, а ў Мінскім педуніверсітэце закрылі адразу 4 спецыяльнасці беларускай філалогіі.
У прыватнасці, у наступным годзе ў БДПУ вырашылі адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях "Беларуская мова і літаратура", "Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова", "Беларуская мова і літаратура. Англійская мова", а таксама спецыялістаў у беларускамоўнай журналістыцы.
Трусаў: "Усё гэта такі комплексны момант: спачатку закрываюць беларускамоўныя класы, а потым ужо дабіраюцца і да філалогіі. Тым больш, што настаўнікаў навогул давялі да такой сітуацыі, што ніхто на настаўнікаў любых спецыяльнасцяў не пастпае. Вы ж бачыце, што ў педуніверсітэты бяруць двоечнікаў — і то месцы застаюцца! Тут праблема не толькі з мовай звязаная, а з абыякавымі адносінамі да настаўнікаў любых прадметаў".
У шэрагу іншых прычынаў, па якіх скарачаюць набор настаўнікаў, Трусаў назваў і тое, што скарачаецца колькасць вучняў.