Алена Каваленка просіць у грамадскасці “выцягнуць” яе мужа з турмы
Жонка палітвязня Сяргея Каваленкі збірае подпісы пад петыцыяй беларускім уладам.
У дакуменце выкладзеныя патрабаванні забяспечыць зняволенаму належную медыцынскую дапамогу і дапусціць да яго незалежнага лекара, а таксама, калі будзе неабходна, шпіталізаваць Каваленку.
Нагадаем, што віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка асуджаны нібыта за ўхіленне ад “хатняй хіміі” на 25 месяцаў калоніі. Папярэдняе пакаранне яму прызначылі за тое, што на праваслаўныя Каляды 2010 года ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай елцы Віцебска.
На знак пратэсту супраць свайго зняволення Каваленка абвясціў галадоўку і цяпер яго арганізм цалкам знясілены.