Аляксей Калюжны не згуляе сёлета на чэмпіянаце свету па хакеі
Нападніку яраслаўскага "Лакаматыва" і зборнай Беларусі 16 красавіка ў Маскве павінны зрабіць аперацыю на пахвінных кольцах.
Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў генеральны менеджар Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Сафонаў. Па яго словах, у Калюжнага гэта старая траўма, якую ён спрабаваў лекаваць і раней, але ў выніку давялося звярнуцца да хірургічнага ўмяшання.
А вось 20-гадовага абаронцу Рамана Грабарэнку чакаюць у зборнай Беларусі 23 красавіка. На леташнім чэмпіянаце свету ён стаў галоўным адкрыццём зборнай Беларусі. Сёлета яго каманда "Олбані Дэвілз" датэрмінова страціла шанцы на выхад у плэй-оф Амерыканскай хакейнай лігі. Праўда, беларус, які аднаўляецца пасля траўмы пляча, даўнавата не гуляе. Тым не менш трэнерскі штаб зборнай Беларусі разлічвае на маладога абаронцу.
Нагадаем, што хакейны чэмпіянат свету пройдзе сёлета ў траўні ў Стакгольме і Хельсінкі.
Фота Аляксея Калюжнага — superomsk.ru