Амбасадар: "Чорны спіс" Еўрасаюза замінае беларусам атрымаць танныя візы

Заява прагучала падчас дыскусіі ў бундэстагу, прысвечанай палітыцы Нямеччыны і Еўрасаюзу у дачыненні да Беларусі.

Па словах дыпламата, якія перадае БелаПАН, цяпер не самы зручны час, каб абмяркоўваць з Еўрасаюзам спрашчэнне візавага рэжыму. Гіро спаслаўся на тое, што больш за 200 беларускіх чыноўнікаў не могуць выехаць на Захад, бо ўнесеныя ў "чорны спіс" Еўрасаюза. Беларускі дыпламат раскрытыкаваў падвойныя стандарты ў еўрапейскай палітыцы і абмежаваны ўдзел Беларусі ў палітыцы Усходняга партнёрства.

У сваю чаргу прадстаўнік Еўрасаюза Гунар Віганд нагадаў, што ЕС яшчэ год таму прапанаваў спраціць візавы рэжым для мільёнаў беларусаў. Аднак афіцыйны Мінск дагэтуль не адказаў на гэтую прапанову.

Па словах Віганда, каб Брусэль пачаў перагляд уведзеных санкцый, неабходна "вызваліць і рэабілітаваць дзесяць палітвязняў, якія застаюцца ў турме".