Амбасадар Літвы: “З сабой вазьму вышыванку і 45 беларускіх кніг!” (фота)

 

Эдмінас Багдонас узначаліў літоўскую амбасаду ў Мінску ўзімку 2007 года. Да гэтага спадар Эдмінас быў дарадцам прэзідэнта Літвы, амбасадарам Літвы ў Італіі, па сумяшчальніцтве Сербіі і Чарнагорыі, Швейцарыі і на Мальце, яшчэ раней — намеснікам старшыні службы пратакола, консулам ва Украіне.

Учора ў амбасадзе Літвы на мінскай вуліцы Захарава спадар Багдонас ладзіў развітальны прыём для сяброў, якіх прыйшло больш за 300 чалавек.

Эдмінас Багдонас: “На жаль, за 5,5 гадоў працы на Беларусі трэба вяртацца дадому. Але гэта нашая работа. Мы, дыпламаты, маем лічыцца з ратацыяй. Ведаю, што ў Мінску, у Беларусі ёсць шмат людзей, якіх я паважаю, лічу за сяброў і якія мяне лічаць за літоўца, які штосьці зрабіў добрае для Беларусі”.

Еўрарадыё спыталася, ці адметна гэта для амбасадара — працаваць усяго за 180 кіламетраў ад дома.

Эдмінас Багдонас: “Не ведаю, ці гэта пазітыў, ці негатыў... Я працаваў амбасадарам і ў Італіі, і ў Сербіі, і ў Швейцарыі — калі вяртаешся дадому два-тры разы на год. А тут я, бывала, вяртаўся ў Вільню — дадому ці па працы — два разы на тыдзень!”

Дык няўжо спадару амбасадару ўдавалася штовыходныя бываць дома? — падкалолі мы Эдмінаса Багдонаса.

Эдмінас Багдонас: “На кожныя то не, гэта немажліва! Бо я наведваў і Брэст, і Наваградак, і літоўскія школы ў Рымдзюнах, Гервятах…”

Аднак па Беларусі спадара Багдонаса вадзілі не толькі справы — бадай, за 5,5 гадоў амбасадар наведаў усе асноўныя гістарычныя мясціны нашай краіны.

Эдмінас Багдонас: “Я так лічу, што ўсё я пачуў, усё агледзеў, паўсюль быў. З тысячы сядзібаў чатыры сотні, пэўна, наведаў”.


Галоўная прычына такой цікавасці — вядома ж, нашая супольная гісторыя. Спадар Эдмінас падкрэслівае, што хоць межы сёння і дзеляць нашыя дзяржавы, але культурную і гістарычную спадчыну падзяляць нельга і немагчыма.

Эдмінас Багдонас: “Як можа так стацца, што Літва для беларусаў ёсць краіна, куды трэба атрымліваць візы?! Няма магчымасці прыехаць у Вільню, якая для беларуса гэткі ж родны горад, як і для літоўца — там нашая супольная культурная спадчына! Гэта няправільна”.

Што праўда, на тэму нашай “супольнай спадчыны” спадару амбасадару неаднойчы праводзілі ў Беларусі “палітінфармацыю”, якой ён яўна не чакаў.

Эдмінас Багдонас: “Пяць з паловай гадоў таму я шчыра верыў, што гэта нашая агульная спадчына. Цягам гэтых 5,5 гадоў я, на жаль, чуў такія ідэі, што гэта толькі беларуская спадчына, што ніякіх літоўцаў там не было. Але я вяртаюся дадому з такім разуменнем, што гэта нашая агульная спадчына, якой трэба ганарыцца і ўважаць за грунтоўную аснову для нашай будучыні”.

На пытанні пра цяжкасці працы ў Беларусі спадар Багдонас дыпламатычна адказвае: “Няхай я павязу гэтыя праблемы з сабой”. А галоўнай спецыфікай працы ў нашай краіне лічыць тое, што паміж нашымі краінамі няма даверу.

Эдмінас Багдонас: “Ёсць адна спецыфіка — няма даверу паміж краінамі…”

Як высветлілася, Эдмінас Багдонас найбольш шкадуе пра тое, што… недасканала вывучыў беларускую мову!

Эдмінас Багдонас: “Мая праблема, што я за 5,5 гадоў недасканала вывучыў мову. Хоць я разумею на 100%! Але на ўсіх сустрэчах усе, на жаль, размаўляюць па-руску. І не было такой патрэбы кантактаваць толькі па-беларуску. Як я працаваў тры гады ва Украіне — толькі ўкраінская мова! Гэта спрыяла таму, што я размаўляў. А тут — на жаль… Беларусу трэба размаўляць на сваёй роднай мове, бо яна такая шчодрая…”

Але, паводле прызнання амбасадара, з сабой ён бярэ ажно 45 кніжак на беларускай мове, якія яму даручыў прачытаць старшыня Саюза пісьменнікаў.

Эдмінас Багдонас: “Я набыў усё што можна на беларускай мове, пачынаючы ад Купалы, Багдановіча… Я звярнуўся да Саюза беларускіх пісьменнікаў, спадара Алеся Пашкевіча — і атрымаў спіс: 45 кніг, якія трэба прачытаць беларусу. Заданне на лета! Усё гэта будзе ў маёй бібліятэцы ў Вільні. Калі прачытаю — буду насіць беларускую вышыванку ў Літве!”

Кашулю-вышыванку спадар Эдмінас набыў спецыяльна, каб забраць з сабой на памяць. У ёй амбасадар і вітаў гасцей на прыёме. Апроч гэтага, з Беларусі спадар Багдонас вязе і іншыя напамінкі.

Эдмінас Багдонас: “Гэта адвязу. Дуду адвязу. Рэцэпт прыгатавання баршчу. Бо ёсць ў нас боршч літоўскі, але беларускі асаблівы! Я адвязу ў Літву павагу і вялікую-вялікую сімпатыю да маіх сяброў-беларусаў”.

Амбасадар Эдмінас Багдонас запомніўся актыўным удзелам у культурным жыцці Беларусі. У Нацыянальным мастацкім музеі амбасада штогод святкавала Дзень аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці, да якога прымяркоўваліся выставы — слуцкіх паясоў, выбітных твораў мастацтва, ладзіліся канцэрты літоўскай музыкі. Дзякуючы візавай падтрымцы амбасады сотні беларусаў змаглі наведаць фестываль на вольным паветры Be2gether і канцэрт “Крамбамбулі” ў Вільні. За часам спадара Багдонаса шэнгенскія візы літоўскае консульства пачало выдаваць і без наяўнасці запрашэння, што адкрыла беларусам дарогу ў Еўропу. Увогуле культурны складнік спадар амбасадар лічыць прыярытэтам у цяперашніх варунках.

Эдмінас Багдонас: “Гэта — першае, што трэба нам рабіць у сённяшніх умовах. У Літве два месяцы таму была “Крамбамбуля”. Прыедзе “Ляпис Трубецкой”, прыедзе “Троіца” — і ўсе вашыя гурты, якія, на жаль, не маюць мажлівасці паказаць тут, што яны ўмеюць. Я буду спрыяць, каб яны паказалі ўсё, што яны ўмеюць, у нас у Літве. Гэта 100% неабходна”.

Ужо вядома, што на змену Эдмінасу Багдонасу прыедзе спадар Лінас Лінкявічус, былы амбасадар Літвы ў НАТА і былы міністр абароны Літвы. Што пазычыць спадар Багдонас свайму наступніку?

Эдмінас Багдонас: “Да ўсяго адносіцца з сэрцам. Толькі так зможа зрабіць нешта добрае”.


На развітальным прыёме гралі літоўскія музыкі. Гэты інструмент спадар амбасадар назваў "званочкамі, якія раней віселі на шыі ў кароваў".