Андрэй Саннікаў напісаў, што яго жыццю пагражае небяспека
Праваабаронца Павел Левінаў сустрэўся з Віталём Агнісцікавым — начальнікам калоніі "Віцьба-3", дзе трымаюць палітвязня.
Левінаў спрабаваў высветліць, чаму да Саннікава ўжо некалькі разоў не дапускаюць адваката.
Са словаў кіраўніка калоніі выявілася: Саннікаў па прыездзе ў "Віцьбу-3" напісаў заяву, што ягонаму жыццю пагражае небяспека. Таму цяпер ён ізаляваны ад кантактаў з іншымі вязнямі. Ва ўсе ранейшыя месцы зняволення Саннікава нібыта адпраўленыя запыты: з чым звязана пагроза яго жыццю? Начальнік калоніі дадаў, што такая праверка можа доўжыцца да 6 месяцаў. Па яго словах, як перадае Радыё "Свабода", менавіта з-за гэтай праверкі да Саннікава не пускаюць адваката.
Левінаў адзначыў, што забарона доступу адваката да свайго кліента — гэта парушэнне Канстытуцыі. Палкоўнік Агнісцікаў не стаў каментаваць гэтую заўвагу.