Анджэя Пісальніка ўзнагародзілі прэстыжнай журналісцкай прэміяй
20 красавіка гродзенскі журналіст Анджэй Пісальнік атрымаў узнагароду імя Мацея Плажыньскага.
Гэта прэмія для журналістаў, якія асвятляюць жыццё польскіх дыяспар. Уручэнне ўзнагароды адбылося ў музеі горада Гдыня, паведамляе Radio Gdańsk.
Пісальнік стаў найлепшым у катэгорыі "Журналіст паланійнага СМІ". Яго артыкулы ў газеце "Rzeczpospolita" і ў выданнях неафіцыйнага Саюза палякаў "Magazyn Polski" i "Głos znad Niemna" адзначылі за прафесіяналізм і ўзняццё важных для польскай супольнасці ў Беларусі пытанняў доступу да польскай адукацыі, свабоды дзейнасці Саюза палякаў, а таксама дакументаванне польскай спадчыны.
Патрон узнагароды Мацей Плажыньскі — дзеяч польскай антыкамуністычнай апазіцыі, першы некамуністычны гданьскі ваявода, маршалак Сейму Польшчы і віцэ-маршалак Сенату Польшчы. Ён загінуў 10 красавіка 2010 года ў авіякатастрофе пад Смаленскам. У яго памяць і заснавалі прэмію для журналістаў.