Антон Сурапін застаецца за кратамі, адвакатка маўчыць
Увечары 30 ліпеня бацькі Антона не дачакаліся яго вызвалення і вяртаюцца са сталіцы ў Слуцк.
Як паведамляе БелаПАН, у бацькоў была надзея на тое, што, калі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у панядзелак прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным перасячэнні мяжы шведскім самалётам з плюшавымі мядзведзямі, то ў гэты дзень і вырашыцца лёс Антона.
Нягледзячы на гэта, бацькі спадзяюцца на хуткае вызваленне Антона Сурапіна. Днём 30 ліпеня ў Мінску бацька і маці фатографа сустракаліся з яго адвакатам. Па словах абаронцы, якая не мае права выдаваць матэрыялы следства, Антон адчувае сябе нармальна, таксама спадзяецца на хуткае вызваленне. На прамое пытанне адвакату бацькоў, ці прад'яўлена яму абвінавачванне, абаронца адказала унікліва. Мяркуючы па аповядзе маці Антона, паколькі сын не вызвалены з-пад варты, значыць, абвінавачванне ўсё ж такі прад'яўленае.
Нагадаем, Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых медзведзянятаў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos здымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.
