Арэнда кватэры для студэнта каштуе амаль як сярэдні заробак па краіне
За аднапакаёўку ў Мінску па лініі метро давядзецца заплаціць 200-220 долараў, за пакой — 135.
“Пакой — 135 долараў для студэнта. Пад’язджайце, зараз пакояў шмат. Кватэра аднапакаёвая будзе каштаваць прыкладна ў раёне 200 долараў: 200- 220. Бываюць і ў спальных раёнах даражэйшыя, а бываюць і ў цэнтры таннейшыя. Залежыць ад стану кватэры”, — расказваюць Еўрарадыё ў агенцтве “Сільван”. За паслугу рыэлтараў прыйдзецца аддаць яшчэ 220 тысяч рублёў.
200 долараў — сума немаленькая. Улічваючы курс валют на "чорным" рынку — амаль сярэдні заробак па краіне. Ці дапамагае ўніверсітэт сваім студэнтам аплаціць жыллё? Пакуль невядома.
“Ну, пакуль яшчэ ідзе засяленне. Студэнты толькі прыехалі на заняткі. Сума дапамогі пакуль не вызначаная”, — расказваюць у студэнцкім гарадку БДУ.
Аднак калі сёлета дапамога іншагароднім студэнтам будзе падобная да леташняй, то дапамогай яе назваць можна з вялікай нацяжкай.
“У мінулым годзе налічвалі студэнтам на картку. А сёлета ў сувязі з гэтай нашай эканамічнай сітуацыяй я не ведаю ні сумы, нічога. Летась нейкія капейкі плацілі. Штосьці каля 17 тысяч… Не памятаю дакладна”, — расказваюць у БДУ.
Калі ўлічыць, што стыпендыі ў верасні плануецца павышаць, можна прадбачыць і павелічэнне сумы дапамогі для незаселеных у інтэрнаты іншагародніх навучэнцаў. Аднак рост стыпендый наўрад ці будзе перавышаць 10% ад іх памеру. Адпаведна, кампенсацыя за арэнду жылля сёлета складзе не больш за 20 тысяч рублёў. Гэта трошкі больш за два долары паводле “чорнага” курсу.
Некаторым, праўда, удаецца знайсці жыллё танней і нават плаціць за яго рублямі. Студэнт Фізічнага факультэта БДУ Уладзімір распавёў Еўрарадыё пра сваё кватэрнае пытанне:
“У нас пакуль што кошт кватэры не змяніўся. Мы толькі перайшлі з аплаты доларамі на рублі. Плацім 1 мільён 400 тысяч. Пра кампенсацыю я не чуў. Магчыма, нешта пералічваюць на картку. Я не заўважаў”.
Калі ўлічыць, што памер сярэдняй стыпендыі ў Беларусі складае прыкладна 200 тысяч, студэнту іх спатрэбіцца цэлых 9, каб толькі аплаціць месячную арэнду кватэры.