Аргкамітэт БХД плануе закончыць свой з'езд канцэртам
Перамовы вядуцца з музыкамі з "чорнага спісу", якім не даюць выступаць у Беларусі. Але не выключаны і варыянт бардаўскага канцэрту.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў адказны сакратар аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. 6 снежня ён падпісаў з Палацам культуры Трактарнага заводу дамову арэнды на правядзенне ўстаноўчага з'езду партыі. Мерапрыемства запланаванае на 17 снежня:
Садоўскі: "Падпісаная дамова з Палацам культуры МТЗ. Ніякіх праблемаў на гэты раз, як на дзіва, не было. У 9.30 у нас пачатак рэгістрацыі, згодна з дамовай. У 10.30 пачатак самога мерапрыемства, потым перапынак на абед і — да 19.00... Напрыканцы з'езду будзе канцэрт беларускіх музыкаў".
Па словах Садоўскага, у з'ездзе плануецца ўдзел 100 дэлегатаў — менш, чым на мінулых трох устаноўчых з'ездах. Іх колькасць вырашылі абмежаваць, каб лягчэй прайсці рэгсірацыю ў Мінюсце. Аднак на з'езд запрошана шмат гасцей і віп-персонаў. Таксама, кажа Садоўскі, на з'езд зможа прыйсці любы цікаўны — трэба будзе толькі прайсці абавязковую рэгістрацыю.