Армянскія футбалісты адмаўляюцца гуляць з беларусамі ў Турцыі

У Беларускую федэрацыю футболу прыйшоў ліст ад армянскіх калег. Яны без тлумачэння прычынаў паведамілі, што гатовыя згуляць з беларускай камандай у любой краіне, акрамя Турцыі. Нагадаем, што ў 1915 годзе ў Турцыі адбылося масавае вынішчэнне армянаў. Турцыя дагэтуль не прызнае факт генацыду.

Цяпер беларуская федэрацыя мусіць або прыняць армянскі варыянт і вызначыцца з новым месцам сустрэчы, або заняцца пошукамі іншага спарынг-партнёра для гульні ў Турцыі. Тым часам ужо ёсць афіцыйная дамоўленасць аб правядзенні 29 лютага на тэрыторыі Турцыі таварыскага паядынку моладзевых зборных Беларусі і Казахстана.

На гэты ж дзень запланаваны тамсама спарынг нашай алімпійскай каманды. Саперніка для яе пакуль шукаюць. У прыватнасці, беларуская федэрацыя чакае адказу ад узбекаў, якія цяпер удзельнічаюць у алімпійскім адборачным турніры на азіяцкім кантыненце.