Арцыбіскуп Кандрусевіч: Уваскрослы Хрыстус — надзея сучаснага свету

У гэтым пасланні арцыбіскуп, у прыватнасці, закрануў тэму тэракта ў мінскім метро 11 красавіка.

“Жывучы выключна праблемамі аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленні душы, Божым Провідзе, любові да Бога і бліжняга, — падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч. — Менавіта адсутнасць любові да бліжняга і выклікала жудасны тэрарыстычны акт у мінскім метро 11 красавіка гэтага года, які прывёў да чалавечых ахвяраў. Няма і не можа быць тлумачэння таму, што тады сталася, і сталася падчас Вялікага посту — часу падрыхтоўкі да свята Пасхі. І хоць непамерна цяжка перанесці страту блізкіх і пагадзіцца з тым, што ў мірны час ад тэрарыстычнага акту гінуць людзі, наша хрысціянская вера і праўда Уваскрасення Хрыста дапамагае нам выцерці слёзы і дае новую надзею”.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў свае спачуванні сем'ям і блізкім ахвяраў гэтага выбуху і даверыў душы загінулых Божай міласэрнасці з надзеяй на жыццё вечнае. Для пацярпелых кіраўнік беларускага касцёлу просіць ласкі выздараўлення.