NewsBelarus: Расійскія СМІ павяліся, што Рыберы здаў у Мінску еўра по 5000
Сайт выдуманых навінаў NewsBelarus.net 30 ліпеня святкуе дзень народзінаў. Еўрарадыё пагутарыла з яго рэдактарам Валерай Асіпчыкам.
Еўрарадыё: Адкуль такая ідэя — пісаць выдуманыя навіны, адкуль вы іх бярэце?
Асіпчык: “Неяк я адкрыў некалькі мясцовых газет і зразумеў, што я таксама так магу пісаць. Пасля гэтага з’явілася ідэя сайта, я стаў пісаць таксама несур’ёзныя навіны”.
Еўрарадыё: У гэтым ёсць нейкая "вышэйшая мэта"?
Асіпчык: “Я зразумеў, што калі некаторыя выданні могуць хлусіць, чаму гэтага не можам рабіць мы?!”
Еўрарадыё: Вы прынамсі прызнаецеся?
Асіпчык: “Не. Нічога не было”...
Еўрарадыё: Ці шмат людзей наведвае вашу старонку?
Асіпчык: “Калі мы толькі пачыналі, гэта было зусім няшмат, бо ў нас няма рэкламы, мы нікуды пра сябе не распавядалі, нас чытала па 30 чалавек за дзень, і неяк усё паступова расло-расло. Мы спрабавалі пісаць пра актуальныя падзеі больш-менш. Падчас выбараў быў пік - каля 3600 чалавек. А зараз мы па-ранейшаму не даем ніякай рэкламы, але прыкладна паўтары тысячы чалавек за дзень да нас прыходзяць. Я лічу, што гэта вельмі добра”.
Еўрарадыё: Толькі вы пішаце гэтыя навіны, ці вам можна дасылаць, напрыклад, на скрынку сваю версію падзеяў?
Асіпчык: “Мы адкрытыя для ўсіх. У нас ёсць усе кантакты. Канешне, грошы мы не плоцім, бо мы сайтам NewsBelarus.net не зарабляем. Гэта праект творчы, дзеля ідэі, але калі чалавек жадае, піша і добрая ідэя ў яго ёсць, мы з задавальненнем друкуем”.
Еўрарадыё: Ці за гэты год была такая сітуацыя, што вашую навіну прынялі ўсур’ёз і, напрыклад, перадрукавалі іншыя медыя?
Асіпчык: “Гэта быў вельмі прыгожы і паказальны кур'ёз. Мы напісалі артыкул пра прыезд да нас футбольнай зборнай Францыі. І мы напісалі, што Рыберы (вядомы гулец зборнай Францыі — Еўрарадыё) памяняў еўра ў валютчыкаў проста ў аэрапорце па курсе ў 5 тысяч рублёў, у той час, калі па афіцыйным курсе Нацбанка еўра ўжо каштавалі за 7 тысяч. Расійскія медыя, у прыватнасці “Эха Масквы”, відаць, знайшоўшы гэтую навіну і не паглядзеўшы на крыніцу, напісалі пра гэта даволі вялікі матэрыял. Яно так і разыйшлося”.
Еўрарадыё: Пэўна, першага красавіка ваш сайт карыстаўся вялікай папулярнасцю?
Асіпчык: “Паколькі ўсе на першае красавіка надрукавалі смешныя і непраўдзівыя навіны, мы проста павесілі ў якасці артыкула прэс-рэліз Нацбанка. Гэта быў абсалютна сур'ёзны матэрыял пра тое, што дэвальвацыі не будзе. І што вы думаеце? Не прайшло і двух месяцаў, як высветлілася, што нават гэты артыкул быў фэйкам!”
Еўрарадыё: Якая з вашых навінаў прынесла вам найбольшы гонар?
Асіпчык: “Калі быў папулярны асміног Паўль, які прадказваў вынікі футбольных матчаў, мы напісалі артыкул пра лася, які прадказваў вынікі жніва. Гэта быў самы яскравы паказальнік, што мы жывем і будзем жыць”.
Еўрарадыё: Як і дзе будзеце святкаваць дзень народзінаў?
Асіпчык: "30 ліпеня будзе творчы вечар NewsBelarus.net у кавярні "мАлАко". Мы з Рыгорам Пятровічам Белкам будуць "барджэіць": змешваць фірмовыя кактэйлі. Таксама збіраемся зладзіць караоке на песні нашага ўлюбёнага артыста — Аляксандра Саладухі. Прыходзіць можна, пачынаючы з 19-й гадзіны. Уваход вольны, але з сабой можна прыхапіць свежыя фэйкавыя навіны, чытанне якіх мы зладзім падчас святкавання. А за лепшыя фэйкі будзем наліваць бясплатна!