Астаповіч прапануе распусціць Раду па справах культуры пры Саўміне

Ліст з аналагічнай прапановай Антон Астаповіч накіраваў прэм'ер-міністру Міхаілу Мясніковічу, інфармуе БелаПАН.

Астаповіч кажа, што 5 кастрычніка 2011 года мусіла адбыцца паседжанне рады, прысвечанае праблемам аховы аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і іх выкарыстання ў выхаваўчай працы і турыстычнай сферы. Але ў прызначаны час паседжанне рады не адбылося. У лістападзе Астаповіч накіраваў старшыні камісіі, міністру культуры Паўлу Латушку ліст з просьбай даць інфармацыю пра час наступнага паседжання, аднак пісьмовага адказу не атрымаў дагэтуль.

Па словах Астаповіча, міністр культуры сабатуе паседжанне, чым падрывае давер грамадскасці да органаў дзяржаўнага кіравання і дыскрэдытуе ідэю дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы культуры.

З гэтай нагоды Астаповіч і напісаў свой зварот. Разам з тым, абаронца помнікаў не спадзяецца, што рада будзе распушчаная. Асноўная мэта яго звароту — паскорыць паседжанне рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Фота — svaboda.org